Аб удзеле Ю.Г. Амбразевіча ў мерапрыемствах Асацыяцыі «Carità Politica»
15.10.2025 г.15 кастрычніка 2025 года Пасол Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе Юрый Амбразевіч прыняў удзел у мерапрыемствах асацыяцыі «Carità Politica» ў рамках святкавання Юбілейнага года хрысціянства, які праводзіць Ватыкан.
Даведка:
Асацыяцыя «Carità Politica» (у перакладзе з італьянскай мовы — «Палітычная міласэрнасць») — міжнародная каталіцкая арганізацыя, якая базуецца ў Італіі і цесна звязаная з Ватыканам. Заснаваная з мэтай прасоўвання дыялогу, салідарнасці і этыкі ў палітычным і грамадскім жыцці. Сярод ключавых задач «Carità Politica» — развіццё культуры палітычнай адказнасці, умацаванне маральных арыенціраў у міжнароднай палітыцы і садзейнічанне супрацоўніцтву паміж народамі на падставе ўзаемнай павагі і духоўных каштоўнасцей.
З 13 па 15 кастрычніка 2025 года ў Ватыкане прайшла арганізаваная асацыяцыяй «Carità Politica» міжнародная канферэнцыя «Рэлігія і дыпламатыя». Удзельнікамі дыскусій сталі кіраўнікі падраздзяленняў Дзяржаўнага сакратарыяту Святога Пасаду, паслы замежных дзяржаў, прадстаўнікі міжнародных арганізацый, дзеячы культуры і навукі, а таксама кіраўнікі бізнесу. Найважнейшай падзеяй мерапрыемства стала выступленне кіраўніка знешнепалітычнага падраздзялення Дзяржсакратарыяту Святога Пасаду — Сакратара па сувязях з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, арцыбіскупа Пола Рычарда Галлахера. У сваім звароце да ўдзельнікаў канферэнцыі ён выклаў пазіцыю Святога Пасаду наконт прынцыпаў ватыканскай дыпламатыі, якая ў першую чаргу грунтуецца на рэлігійных запаведзях хрысціянства і адпаведным фокусе на справядлівасць, забеспячэнне ўстойлівага міру і развіцця праз бесперапынны дыялог з усімі зацікаўленымі бакамі.
У сваім выступленні Пасол Беларусі звярнуў увагу на неабходнасць фарміравання новай сістэмы глабальнага кіравання, здольнай адэкватна адказваць на сучасныя глабальныя выклікі ў сферах бяспекі, экалогіі, эканамічнага і сацыяльнага развіцця. У якасці пункта прыкладання сумесных намаганняў прадстаўнікоў традыцыйнай дыпламатыі і рэлігійных дзеячаў было прапанавана разглядаць задачу ўкаранення аб’ядноўваючых этычных асноў, што вынікаюць з падабенства асноўных прынцыпаў большасці сусветных рэлігій, а таксама вяртання ў міжнародны дыскурс паняццяў адказнасці і абавязкаў як асновы новай глабальнай этыкі — у дадатак і супрацьвагу перабольшанаму акцэнту на індывідуалізме і, у першую чаргу, правах чалавека.
У рамках юбілейных мерапрыемстваў у Ватыкане Пасольства Беларусі таксама прыняло ўдзел у міжнароднай мастацкай выставе на тэму “Il Volto del Futuro” («Твар будучыні»). Мэта праекта — праз мастацтва адлюстраваць эвалюцыю надзей і светапогляду чалавецтва, а таксама падкрэсліць значэнне прыгажосці як універсальнай мовы дыялогу і міру паміж народамі. Паводле задумы арганізатараў, падобныя выставы будуць праводзіцца ў юбілейныя гады, г.зн. кожныя 25 гадоў. Першая такая падзея адбылася ў Ватыкане ў 2000 годзе.
Рэспубліку Беларусь на выставе прадставілі два мастакі:
Юлія Цярэшка з карцінай «Рукі», куратар — Аляксандр Зінкевіч;
Фёдар Шурмялёў з карцінай «Гняздо», куратар — Якатарына Якаўлеўна Кёнігсберг.

Работы беларускіх мастакоў выклікалі жывы інтарэс публікі і былі цёпла прыняты міжнароднай аўдыторыяй. Карціна «Рукі» Юліі Цярэшка глыбока кранула гледачоў сваёй сімволікай веры, клопату і адначасова творчасці і сілы, што асабліва актуальна ва ўмовах нарастаючай фрагментацыі сусветнай супольнасці. У сваю чаргу, карціна «Гняздо» Фёдара Шумялёва праз больш плакатную тэхніку і палітычныя вобразы нагадала пра важнасць захавання гістарычнай памяці, урокаў мінулага і недапушчэння мілітарызацыі сучаснасці.
Абедзве работы не толькі адлюстравалі індывідуальнае мастацкае бачанне аўтараў, але і сталі візуальным водгукам на рэаліі сучаснай міжнароднай сітуацыі — пошуку ўстойлівасці, бяспекі і гуманістычных арыенціраў.