:

100-годдзе сучаснай беларускай дыпламатычнай службы

17.01.2019 г.

За кропку адліку найноўшай гісторыі нашага ведамства ўзята першае публічнае паведамленне ў газеце «Звезда» ад 22 студзеня 1919 г. а пачатку дзейнасці КЗС ССРБ ( “камісарыят па замежных справах адкрыў сваю дзейнасць”), дзе таксама паказана месца яго размяшчэння ў г.Мінску — вул. Койданаўская, 21 (сёння — вул.Рэвалюцыйная, 15).

Паводле архіўных дакументаў, кіраўніком нешматлікай, усяго 12 чалавек, дыпламатычнай службы стаў член Часовага Рабоча-Сялянскага Савецкага Урада Беларускай Рэспублікі, камісар па замежных справах Усевалад Сцяпанавіч Фальскі, ураджэнец вёскі Лошыца, Мінскай вобласці.

На пасяджэнні часовага ўрада 27 студзеня 1919 г. КЗС ССРБ атрымаў першае даручэнне – “хадайнічаць перад Цэнтрам РСФСР аб вяртанні Беларускай Рэспубліцы ўсёй эвакуяванай маёмасці”. У пратаколе таксама ёсць рашэнне аб фінансаванні дзейнасці КЗС, інфармацыя аб заслуханам дакладзе члена ўрада па замежных справах.

Першая дыпламатычная місія маладой беларускай савецкай дзяржавы была адкрыта ў г.Маскве 24 сакавіка 1921 г. Паўнамоцнае прадстаўніцтва ССРБ у РСФСР уваходзіла ў склад дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў Расійскай Федэрацыі, карысталася імунітэтамі і прывілеямі, падтрымлівала афіцыйныя кантакты з Народным камісарыятам замежных спраў РСФСР і дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі ў Маскве.

22 жніўня 1921 г. Саветам народных камісараў БССР зацверджана палажэнне аб Народным камісарыяце па замежных справах, які ўзначаліў Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў, ураджэнец вёскі Дукора, Мінскай вобласці.

Наступнымі важнымі гістарычнымі этапамі сталі аднаўленне Народнага камісарыята замежных спраў БССР і, затым, стварэнне на яго аснове МЗС БССР. 24 сакавіка 1944 г. Вярхоўным Саветам БССР быў прыняты закон аб стварэнні Народнага камісарыята замежных спраў Беларускай ССР. У 1946 годзе Наркамат замежных спраў БССР быў ператвораны ў Міністэрства замежных спраў.

У знак прызнання сусветнай супольнасцю ўкладу БССР у разгром гітлераўскай Германіі Беларуская ССР была прынята ў склад заснавальнікаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і падпісала ў 1945 годзе Устаў ААН.  Адкрыліся прадстаўніцтвы БССР пры ААН у г.Нью-Ёрку, пры міжнародных арганізацыях у гг.Вене, Парыжы і Жэневе.

Мы ганарымся выдатнымі дыпламатамі — выхадцамі з Беларусі, якія пакінулі яркі след у найноўшай гісторыі дыпламатыі і якія сталі для многіх прыкладам высокага прафесіяналізму і самаахвярнай адданасці сваёй Айчыне. У іх ліку А.Р. Чарвякоў, К.В. Кісялёў, А.Е. Гурыновіч, а таксама А.А. Грамыка, які на працягу доўгіх гадоў узначальваў МЗС СССР. Гэты спіс можна працягваць і далей.

З стварэннем МЗС Рэспублікі Беларусь у 1990 годзе нацыянальная дыпламатыя развівалася і мацнела разам з маладой дзяржавай.

Міністэрства замежных спраў было і застаецца на “перадавой” барацьбы за рэальную незалежнасць, павышэнне ролі Беларусі ў свеце, імкнецца ажыццяўляць эфектыўнае знешнепалітычнае і знешнеэканамічнае забеспячэнне курсу, вызначанага Кіраўніком дзяржавы.

За гады незалежнасці Рэспубліка Беларусь дамаглася прыкметных поспехаў на міжнароднай арэне, стала ўдзельнікам новых інтэграцыйных праектаў, пашырыла кола замежных партнёраў і саюзнікаў, адкрыла, асвоіла і замацавала за сабой новыя перспектыўныя рынкі.

Версия для печати

Дипмиссии Беларуси за рубежом

Все дипмисии Сайт МИД
Перейти